Виан Борис - Ваўкалак (На Белорусском Языке)Барыс Вiян Ваўкалак Пераклад: А.Асташонак Ён жыў у лесе Фос-Рэпоз, пад Пiкардзiйскiм узгоркам, вельмi прыгожы чорны дарослы воўк з вялiкiмi чырвонымi вачыма. Звалi яго Дэнi. Найболей яму падабалася назiраць з лесу за тым, як аўтамабiлi, што iмчалiся па дарозе з Вiль-д'Аўрэй, прыбаўлялi газу перад залiтым сонцам адхонам, на якiм лiвень пакiнуў толькi што алiўкавы адбiтак высачэзных дрэў. Яшчэ ён любiў гуляць летнiмi вечарамi па лесасецы i падглядаць за барацьбой нецярплiвых закаханых з нялёгкiмi эластыкавымi гарнiтурамi, з якiх, на жаль, складаецца звычайна ў наш час бялiзна. Ён, як фiлосаф, сузiраў вынiкi ўпартых намаганняў, якiя часам завяршалiся поспехам, i адыходзiў, цнатлiва пакручваючы галавою, калi якой-небудзь ахвяры прыходзiлi, як кажуць, капцы. Нашчадак многiх пакаленняў цывiлiзаваных ваўкоў, Дэнi харчаваўся травою i блакiтнымi гiяцынтамi, прыпраўляючы iх восенню адборнымi шампiньёнамi, зiмою ж вымушаны быў красцi малако ў бутэльках з вялiкага жоўтага грузавiка малочнай фiрмы; жывёльны смак малака быў проста жудасны, i воўк з лiстапада да лютага кляў бязлiтаснасць сезона, з-за якога псаваў сабе страўнiк. Дэнi жыў у згодзе з суседзямi, якiя дзякуючы яго сцiпласцi нават не здагадвалiся пра iснаванне ваўка. Ён знаходзiў сабе прытулак у маленькай пячоры, што выкапаў шмат гадоў таму назад адзiн золаташукальнiк. Зазнаючы праз усё жыццё адны няўдачы, той страцiў урэшце апошнiя надзеi знайсцi калi-небудзь свой маленькi "кошык апельсiнаў" (як сказаў Луi Бусенар) i вырашыў на схiле дзён прадоўжыць пошукi, такiя ж марныя, як i манiякальныя, у зоне ўмеранага клiмату. Дэнi зрабiў сабе ў гэтай пячоры камфартабельнае жытло, упрыгожыў яго патроху каўпакамi колаў, гайкамi i iншымi аўтамабiльнымi дэталямi, падабранымi на дарозе пасля даволi частых тут аварый. Ён увогуле моцна захапiўся механiкай i нярэдка, перабiраючы трафеi, марыў пра сваю майстэрню. Чатыры шатуны з лёгкай сталi, на якiя ён паклаў верх дарожнага чамадана, замянялi стол, ложак быў зроблены са скураных сядзенняў старога "Амiлькара", што калiсьцi ўрэзаўся ў вялiкi каранасты платан на павароце, а дзве шыны сталi шыкоўнымi рамамi на партрэты даўно i пяшчотна любiмых бацькоў; усё гэта густоўна спалучалася з рэчамi больш банальнымi, якiя некалi сабраў золаташукальнiк. У адзiн жнiвеньскi вечар Дэнi, як i штодня, прагульваўся па лесасецы дзеля лепшага стрававання. Ён наблiжаўся ўжо да дуба, пасля якога звычайна паварочваў назад, як раптам па волi лёсу спаткаў на сваiм шляху Эцьена Пампля, вядомага больш па мянушцы Сiямскi Маг, i зацягнутую iм у гушчар малышку Лiзэт Кашу, чарнявую афiцыянтачку з рэстарана "Гранэй". На Лiзэт быў новы файны гарсэт маркi "Насланнё", знiшчэнне якога каштавала Магу шасцi гадзiн амаль няспыннае барацьбы, - менавiта таму i адбылася ў Дэнi гэтая позняя сустрэча. На няшчасце Дэнi, абставiны былi выключна неспрыяльныя. Стаяла поўнач, i Сiямскi Маг заходзiўся ад злосцi ў прыпадку антрапалiцыi*. З'яўленне Дэнi, якi, зрэшты, папрасiўшы цiха прабачэння, далiкатна адышоў убок, неверагодна раз'юшыла Мага. Дужа расчараваны ў Лiзэт i перапоўнены энергiяй, якой трэба было неадкладна даць выйсце, ён кiнуўся на бязвiннага ваўка i з усяе сiлы ўкусiў яго за лапатку. Дэнi пабег з трывожным вiскам. Ледзь дацягнуўшыся да пячоры, ён звалiўся на зямлю i заснуў цяжкiм сном, якi ўвесь час працiналi жахлiвыя трызненнi. * Вар'яцтва, пры якiм хвораму здаецца, што ён воўк цi iншая жывёлiна. Але патроху ён забыўся пра сваю лiхую прыгоду, i |